АЗЯРО ЧАРЭЙСКАЕ

Возера Чарэйскае (Чэрэя, Чарэйскае, Чарэя) адносіцца да басейна ракі Ула, якая з'яўляецца левым прытокам Заходняй Дзвіны. Мясцовасць вакол вадаёма пераважна раўнінная, з усходняга і паўднёвага бакоў няроўная, парослая лесам і густым хмызняком, берагавая лінія часткова забалочаная. З паўднёва-ўсходняга боку возера абрамлена шырокай (да 60 м) месцамі забалочанай поймай, парослай воднай расліннасцю, да якой прымыкаюць шырокія нізінныя лугі, парослыя лугавой і балотнай расліннасцю і хмызняком. Берагі нізкія (з паўночнага, заходняга і паўночна-заходняга бакоў узвышаныя, месцамі абрывістыя, абразійныя), пераважна пясчаныя (з паўднёвага і паўднёва-ўсходняга бакоў сплавінныя), берагавая лінія часткова ў зарасніках кустоўя і рэдкалессі. Прыбярэжнае плыткаводдзе вузкае (з паўднёвага боку, на паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе, а таксама ў залівах шырэй), уздоўж берагоў дно гліністае і пясчана-глістае, з павелічэннем глыбіні ўзрастае колькасць донных адкладаў. Найбольшыя глыбіні знаходзяцца ў цэнтральнай частцы возера, прыкладна за 0,11 км на паўднёвы ўсход ад вострава. Моцнага зарастання не назіраецца. Маецца востраў плошчай каля двух гектараў. Злучана ручаямі з азёрамі Радамля (з паўднёва-заходняга боку), Чамярыца (з усходняга) і Галаўня (з паўночнага). Упадаюць каля 10 ручаёў (некаторыя сезонныя, якія перасыхаюць) і каналаў.